НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,
гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каля в. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст. н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)